Брестский районный исполнительный комитет

Брестский районный исполнительный комитет
burger
Главная // Новости

Верш «Прыбужская зямля» Ажанилок Анны, учащейся средней школы аг. Мухавец

15/01/2025 09:59

 «Прыбужская зямля»

 Ёсць куточак зямлі, дзе заўжды табе рады.
Тут ты знойдзеш усё: і любоў, і спагаду,
І сардэчнасць людзей, спачуванне і клопат,
І святло ад бяроз, і бусліны прыветлівы клёкат.

І грыбныя лясы, і туманныя ранкі,
Водар спелых чарніц, спевы жвавай заранкі,
Хлебны пах каласоў, мітуслівых вавёрак,
Гмахі новых дамоў, непрыкметны пагорак.

Тут вясна наступае раней і пазней асыпаюцца клёны,
Тут здзіўляе сваім хараством колер ягад рабіны чырвоны.
Тут рамонкі міргаюць здалёк, сосны, елкі растуць прывольна,
Тут руплівы прыбужскі народ жыве ў радасці і спакойна.

Хвалі Мухаўца рознай парой, плывучы, між сабой размаўляюць.
Яны доўга на свеце жывуць, яны многае ўспамінаюць.
Не забыць ім тых страшных падзей, слёз людскіх, чорных дзён і варту,
Што вяла на расстрэл людзей у мястэчка лясное – Плянту.

Вечна ў памяці будуць жыць, хто любіў не сябе – Айчыну,
Хто нябёсаў сінь падарыў і дачцэ, і маці, і сыну.
Не забыць ім і светлыя дні, як народ сустракаў Перамогу,
Як з гадамі мяняўся край, пракладаліся шчасця дарогі.

Хвалі Мухаўца вольна бягуць, ім яшчэ і той час прыгадаўся,
Як у Скоках Нямцэвічаў дом з небыцця паўставаў, адраджаўся.
Як накцюрны Орды забыць, Аляксандра III-га словы,
Падчас Першай сусветнай вайны як вяліся тут перамовы?

І яшчэ ёсць пра што расказаць хвалям рэчкі маёй хуткаплыннай:
Пра пляцоўку цікавую ў нас, што назвалі часу машынай.
На чыгунцы прыпынак малы і дубы, што стаяць, як франты.
Гэта Дубіца. Іменна тут фільм здымаўся вядомы – “Курсанты”.

Як не ўспомніць Пятра Клімука з дзіўнай вёсачкі Камароўкі
І музей, у якім сустракае гасцей знакамітая Тамашоўка.
Спадарожнік тут штучны Зямлі, россып кніг пра космас і зоры,
Парта школьная, за якой хлопчык марыў узвіцца ў прасторы.

Як жа Мухавец не ўспамінаць? Тут будынак старэнькі паштовы.
Ён прыносіў цару і казне немалы прыбытак грашовы.
Вёска Кустын… Адсюль Малажай, чалавек з адкрытай душою,
Мовазнаўца, што моладзь вяла ў роднай мовы сусвет за сабою.

Вось такі ён, мой край, што так горда Прыбужжам завецца.
Край, дзе рэчка Лясная яго абдымае і ўдалеч нясецца,
Звон царкоўны з мінулых вякоў, як набат, да ўсіх нас далятае,
Ён на добрыя справы, на плён землякоў маіх благаслаўляе.

Хай далей тут бярозы шумяць і мацней гуртуюцца людзі,
Шмат прыемных, шчаслівых падзей на зямлі гэтай будзе.
Няхай вёсак сузор’е на ёй нас парадуе новым ззяннем,
І не згасне ў сэрцах любоў, і не змоўкне ў лясах шчабятанне.

 

К списку новостей

Интернет-ресурсы

Полезные ссылки