21 лютага ў свеце адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы, быў абвешчаны ЮНЕСКА.
Сёння у нашым рознакаляровым і
рознагалосым свеце налічваецца больш за шэсць тысяч моваў. Палова з іх
знаходзіцца пад пагрозай знікнення. Менавіта дзеля іх захавання і быў абвешчаны
Дзень роднай мовы.
Гэта свята – нагода для носьбітаў любой
мовы яшчэ раз задумацца аб лёсе той, адзінай, якую мы завём матчынай, на якой
думаем, на якой вымавілі першае слова і на якой размаўлялі нашы продкі.
Беларуская мова прайшла доўгі гістарычны
шлях, на якім былі як часы росквіту, так і часы заняпаду. Нашы бацькі, дзяды і
прадзеды нямала зрабілі, каб беларуская мова была прызнаная як роўная сярод іншых
моў свету. Будзь жа разам з тымі, хто думае пра яе будучыню. Трэба шанаваць сваю мову, свае песні, свае казкі, звычаі
і ўсё роднае — гэта спадчына дзядоў і вялікі нацыянальны скарб.
Толькі тады
цябе ўсе будуць шанаваць як чалавека, калі сам сябе будзеш шанаваць — калі не
адкінеш свайго нацыянальнага ўласнага багацця. А першы скарб нацыянальны — гэта
родная мова”. Змітрок Бядуля