Брэсцкі раённы выканаўчы камітэт

Брэсцкі раённы выканаўчы камітэт
burger
Галоўная // Беларусская версия // РАЁН // Брэсцкі раён сёння // Славутасці раёна // Дзяржаўная ўстанова культуры "Гісторыка-мемарыяльны музей "Сядзіба Нямцэвічаў"

Дзяржаўная ўстанова культуры "Гісторыка-мемарыяльны музей "Сядзіба Нямцэвічаў"



Сядзібна-паркавы ансамбль XVIII стагоддзя ў в. Скокі Брэсцкага раёна - помнік архітэктуры барока і садова-паркавага мастацтва "французскага" стылю, адзін з нямногіх, цудам захаваных помнікаў далёкага мінулага. Урсын Нямцэвічы - вядомы род, перш за ўсё для Брэстчыны. Для гэтага дастаткова ўспомніць шэраг імёнаў.

Станіслаў Урсын Нямцэвіч (IX генерацыя), больш за дзесяць гадоў з'яўляўся маршалкам шляхты Гродзенскай губерні, генерал-маёр, у 1816 годзе стаў губернатарам г. Гродна. Ян Урсын Нямцэвіч (XI генерацыя), вядомы пад імем Ян Цітус - каля дваццаці гадоў займаў пасаду маршалка шляхты Гродзенскай губерні. Ян Цітус з'яўляецца заснавальнікам вядомага як у Расійскай імперыі, так і за яе межамі конезавода ("Усерасійскае Дэрбі" - перамога 1912 года). Ян Урсын Нямцэвіч (XII генерацыя) з 1921 года, будучы прэзідэнтам Брэста, аднаўляў горад пасля яго поўнага разбурэння падчас Першай сусветнай і Савецка-Польскай войнаў.

Самы вядомы з роду – Юльян Урсын Нямцэвіч (16.02.1758), пісьменнік, публіцыст і грамадскі дзеяч. У шэрагу сваіх мемуараў апісаў падзеі, якія адбываліся на тэрыторыі Брэстчыны ў канцы XVIII - пачатку XIX стагоддзяў.

З сядзібай звязана шмат цікавых гістарычных падзей, вядомых асоб, якія ў свой час наведвалі сям'ю Нямцэвічаў. Тут праходзілі сустрэчы з Янам Флемінгам, князямі Чартарыйскімі і Шуйскімі. Па запрашэнні Яна Цітуса Урсын Нямцэвіча, правадыра дваранства Гродзенскай губерні гасціў у 1890 годзе падчас ваенных манеўраў расійскі імператар Аляксандр III. Бываў тут і знакаміты кампазітар, мастак Напалеон Орда, аўтар гравюры з выявай сядзібы.

У час I-ай сусветнай вайны амаль на два гады сядзіба стала стаўкай камандуючага Усходнім германскім фронтам прынца Баварскага Леапольда, у якой 15 снежня 1917г. было падпісана ваеннае перамір'е, а праз два дні першае арганізацыйнае пасяджэнне па правядзенні перамоваў аб заключэнні міру, які быў падпісаны 3 сакавіка 1918г. у Брэсцкай крэпасці, у Белым палацы.

Сёння гэта інтэр'ерны музей, які паказвае жыццё, побыт, адпачынак дастаткова забяспечанай шляхты XVII - пачатку XX стагоддзя. Тут можна паглядзець інтэр'еры гасцінай, бальнай залы, зброевай, спальні, гульнявой і інш. Музей набывае папулярнасць шмат у чым і дзякуючы мерапрыемствам, якія набылі папулярнасць у вобласці і ў рэспубліцы. Сярод найбольш цікавых і відовішчных: Скокаўскія балі (студзень, май, кастрычнік); ваенна-гістарычны фестываль (снежань), прысвечаны тэме Першай сусветнай вайны.

Дзяржаўная ўстанова культуры "Гісторыка-мемарыяльны музей "Сядзіба Нямцэвічаў" з'яўляецца галоўным турыстычным аб'ектам Брэсцкага раёна. З 2006 да 2013 года праходзіла рэстаўрацыя сядзібы.


ІНТЭРНЭТ РЭСУРСЫ

Карысныя спасылкі