Брэсцкі раённы выканаўчы камітэт

Брэсцкі раённы выканаўчы камітэт
burger

Сімвал неўміручасці. Да 60-годдзя з дня закладкі мемарыяльнага комплексу "Курган Славы"

30/09/2026 10:16

У гэтым годзе спаўняецца 60 гадоў з дня закладкі мемарыяльнага комплексу "Курган Славы Савецкай Арміі - вызваліцельніцы Беларусі", узведзенага ў гонар подзвігу воінаў, якія ўдзельнічалі ў аперацыі па вызваленні Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў пад кодавай назвай "Баграціён". Гэты рукатворны ўзгорак, які захоўвае зямлю гарадоў-герояў, стаў увасабленнем перамогі, незалежнасці і непарыўнай сувязі пакаленняў. Кожны, хто падымаецца на яго вяршыню, успамінае аб каласальнай цане, заплачанай за мірнае неба над нашай краінай. І праз шэсць дзесяцігоддзяў гэта сакральнае для кожнага беларуса месца застаецца арыенцірам нацыянальнай гордасці, што аб'ядноўвае мінулае, сучаснае і будучае беларускага народа.
Усенародная справа. Будаўніцтва мемарыяльнага комплексу "Курган Славы Савецкай Арміі - вызваліцельніцы Беларусі"

На 21-м км аўтамагістралі Мінск - Масква ўзведзены велічны рукатворны Курган Славы. Менавіта ў гэтых месцах у ліпені 1944 года ў час аперацыі "Баграціён" у акружэнне трапіла 150-тысячная групоўка гітлераўскіх войскаў (гэта падзея атрымала назву "Мінскі кацёл").

Рашэнне аб узвядзенні мемарыяла "Курган Славы" было прынята 18 жніўня 1966 года. Распрацоўваючы ансамбль мемарыяльнага комплексу, яго стваральнікі - скульптары Андрэй Бембель, Анатоль Арцімовіч, архітэктары Алег Стаховіч, Леў Міцкевіч, інжынер Валерый Лапцэвіч - імкнуліся да суровай і строгай прастаты. Велічны Курган Славы гарманічна ўпісваецца ў навакольны ландшафт, добра бачны здалёк і з усіх чатырох дарог, на скрыжаванні якіх ён размешчаны.

Мемарыяльны комплекс быў закладзены 30 верасня 1966 года прадстаўнікамі гарадоў-герояў Масквы, Ленінграда, Валгаграда, Севастопаля, Адэсы, Кіева, Брэсцкай крэпасці. У мерапрыемстве прынялі ўдзел рабочыя, студэнты і ваеннаслужачыя Мінска і Мінскай вобласці. Тады ў падножжа будучага Кургана Славы лягла першая жменя зямлі.

Узвядзенне Кургана Славы стала справай усенароднай. Тысячы людзей палічылі сваім абавязкам унесці свой уклад у гэту справу. З усіх канцоў Савецкага Саюза кожны стараўся прывезці крыху зямлі ў памяць аб тых, хто аддаў жыццё за мірнае неба. Сюды дастаўлялася зямля з беларускіх гарадоў і вёсак, гарадоў-герояў Масквы, Ленінграда, Валгаграда, Севастопаля, Адэсы, Кіева, легендарнай Брэсцкай крэпасці і іншых памятных мясцін, звязаных з гераічнымі подзвігамі савецкіх людзей у гады Вялікай Айчыннай вайны.

Знятыя ў той час кадры кіна- і фотахронікі перадаюць небывалы запал і энтузіязм, з якімі людзі прыязджалі на месца ўзвядзення Кургана Славы, каб жменю за жменяй пакласці прывезеную з сабой зямлю. Утвараліся велізарныя чэргі з жадаючых паўдзельнічаць у стварэнні гэтага велічнага, сапраўды рукатворнага помніка. І толькі пасля таго, як паломніцтва жадаючых дабавіць жменю зямлі спынілася, тут сталі працаваць экскаватары і грузавікі.

Урачыстае адкрыццё манумента адбылося 5 ліпеня 1969 года ў дні святкавання 25-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Агульная вышыня мемарыяла складае 70,6 м. Земляны ўзгорак вышынёй 35 м увенчвае скульптурная кампазіцыя з чатырох штыкоў вышынёй 35,6 м кожны. Штыкі сімвалізуюць франты, якія ўдзельнічалі ў вызваленні Беларусі: 1-ы, 2-і, 3-і Беларускія і 1-ы Прыбалтыйскі франты.

Фундамент абеліскаў акружаны шырокім каменным кольцам, унутры якога знаходзіцца мазаічны надпіс "Арміі Савецкай, Арміі-вызваліцельніцы - слава!" і мазаічныя выявы ордэнаў Айчыннай вайны і Славы. На вонкавую паверхню кальца нанесены барэльефныя выявы асоб, якія сімвалізуюць абагульненыя вобразы абаронцаў Радзімы (юнай партызанкі, старога партызана, лётчыка, матроса, танкіста, маладых і старых пехацінцаў), абліцаваныя залатой эмаллю.

Дзве лесвіцы па 241 прыступцы кожная, якія апяразваюць Курган, вядуць на назіральную пляцоўку на яго вяршыні. Кожная прыступка замацавана асобна.

Каля падножжа размешчана гранітная мемарыяльная дошка з надпісам: "У Кургане Славы жменя да жмені лягла зямля з гарадоў-герояў і іншых месц жорсткіх баёў, з гарадоў і сёл, якія навек праславілі сябе ратнымі і працоўнымі подзвігамі дзеля свабоды і незалежнасці Савецкай Радзімы".

Для ўстойлівасці канструкцыі ў час будаўніцтва быў закладзены слупавы фундамент, які паглыбляецца на 30 м. Такія меры былі прыняты для выключэння магчымасці апоўзня.

 

Усе навіны

ІНТЭРНЭТ РЭСУРСЫ

Карысныя спасылкі