Брэсцкі раённы выканаўчы камітэт

Брэсцкі раённы выканаўчы камітэт
burger

Гандлёвы дом Беларусі плануецца адкрыць у Пензенскай вобласці

25/08/2025 17:30

25 жніўня, Брэст /Кар. БЕЛТА/. Дэлегацыя Брэсцкай вобласці 20-23 жніўня наведвала з дзелавым візітам Пензенскую вобласць Расіі. Аб выніках перагавораў карэспандэнту БЕЛТА паведаміў намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама Міхаіл Бацэнка.

Старшыня Брэсцкага аблвыканкама Пётр Пархомчык з беларускага боку ўзначальвае рабочую групу па супрацоўніцтве Беларусі і Пензенскай вобласці.

Асноўная мэта паездкі ў расійскі рэгіён - абмеркаваць нявырашаныя пытанні напярэдадні чарговага пасяджэння рабочай групы. "Калі браць у цэлым па рэспубліцы, то лічбы па экспарце ў нас нядрэнныя. Мы павінны дасягнуць тэмпу росту не менш за 105 працэнтаў у гэтым годзе", - адзначыў Міхаіл Бацэнка. Праграма ўключала наведванне прадпрыемстваў. Сярод іх - вытворцы высокатэхналагічных медыцынскіх вырабаў і абсталявання для аўтапрама, IT-кампанія па прамысловай аўтаматызацыі, распрацоўшчык авіяцыйных вучэбна-трэніровачных сродкаў, малочны камбінат. "Прапрацоўвалі пытанне адкрыцця гандлёвага дома Рэспублікі Беларусь у Пензенскай вобласці. Пензенскі бок прапанаваў тры пляцоўкі, абсалютна розныя па напрамках. Намёткі ёсць. Будзем працаваць, хутчэй за ўсё, з расійскім аператарам, які ўмее гандляваць у Расіі і ў якога ёсць, адпаведна, свае гандлёвыя пляцоўкі", - расказаў намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама.

Беларускі і расійскі бакі рэалізуюць сумесныя праекты ў эканоміцы. Пільную ўвагу ўдзяляюць прамысловай кааперацыі. У гэтай частцы таксама ёсць пэўныя напрацоўкі. Прадстаўнікі Беларусі зацікаўлены таксама ў экспарце з Пензенскай вобласці прадукцыі, якая не прадстаўлена ў нашай краіне. "У прамкааперацыі ў першую чаргу - напрамак машынабудавання. Нашы прадпрыемствы гатовы пастаўляць на канвеер прадпрыемстваў Пензенскай вобласці сваю прадукцыю, каб атрымліваць сумесны прадукт", - дадаў Міхаіл Бацэнка.

Пасяджэнне рабочай групы па супрацоўніцтве Беларусі і Пензенскай вобласці плануецца правесці ў Пензе ў першай дэкадзе кастрычніка. У мінулым годзе такая сустрэча праходзіла ў Брэсце. "У час пасяджэння рабочай групы будуць вызначаны новыя напрамкі для развіцця нашых адносін на наступны год", - растлумачыў намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама.

Дарэчы, у час візіту дэлегацыя Брэсцкай вобласці наведала цырымонію закрыцця ваенна-патрыятычных збораў "Гвардзеец" у Пензе. У бягучым годзе ўпершыню іх удзельнікамі стала моладзь з Беларусі.-0-

 

Усе навіны

ІНТЭРНЭТ РЭСУРСЫ

Карысныя спасылкі