9 снежня, Брэст /Кар. БЕЛТА/. У Іркуцку 9 снежня праходзіць дзявятае пасяджэнне рабочай групы па супрацоўніцтве Беларусі і Іркуцкай вобласці Расіі, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Брэсцкім аблвыканкаме.
З беларускага боку рабочую групу ўзначальвае старшыня Брэсцкага аблвыканкама Пётр Пархомчык (як адказны за каардынацыю супрацоўніцтва рэспублікі з расійскім рэгіёнам).
Беларусь і Іркуцкая вобласць з 2016 года паступальна нарошчваюць супрацоўніцтва ў розных сферах. Пётр Пархомчык выказаў упэўненасць, што патэнцыял для далейшага ўмацавання гандлёва-эканамічнага партнёрства не выкарыстаны ў поўнай меры.
У Расію беларуская дэлегацыя прыехала ў пашыраным складзе. "Прыехалі кіраўнікі буйных прамысловых прадпрыемстваў. Прымаюць удзел прадстаўнікі малога і сярэдняга бізнесу, кіраўнікі рэгіёнаў Брэсцкай вобласці. Лічым, што міжрэгіянальныя сувязі - гэта трывалы, надзейны фундамент узаемаадносін Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі", - падкрэсліў старшыня Брэсцкага аблвыканкама. У прыватнасці, бакі бачаць перспектывы ў кааперацыі авіябудаўнічай галіны, машынабудаванні, павелічэнні паставак прадуктаў харчавання і сельскагаспадарчай сыравіны.
У час пасяджэння рабочай групы беларусы і расіяне падвядуць прамежкавыя вынікі супрацоўніцтва, намецяць планы на будучыню, адбудзецца падпісанне дагавораў аб міжрэгіянальным узаемадзеянні. Таксама ў праграме наведванне шэрага прадпрыемстваў, біржа дзелавых кантактаў Беларусі і Іркуцкай вобласці.-0-